:

Аб удзеле намесніка Міністра замежных спраў Беларусі Ю.Амбразевіча ў 77-й сесіі ГА ААН

09.12.2022 г.

У перыяд з 6 па 9 снежня 2022 г. адбыўся візіт намесніка Міністра замежных спраў Беларусі Юрыя Амбразевіча ў штаб-кватэру ААН у Нью-Ёрку для ўдзелу ў шэрагу тэматычных мерапрыемстваў і правядзення сустрэч з кіраўніцтвам ААН.

6 снежня 2022 г. у ходзе разгляду ГА ААН пункта 69 парадку дня «Умацаванне каардынацыі ў галіне гуманітарнай дапамогі і дапамогі ў выпадку бедстваў, што прадастаўляецца ААН, уключаючы спецыяльную эканамічную дапамогу» намеснік Міністра выступіў з нацыянальнай заявай, у якой прадставіў пазіцыю Беларусі па пытаннях аказання гуманітарнай дапамогі, у тым ліку ў кантэксце міжнароднага чарнобыльскага супрацоўніцтва.

Намеснік Міністра адзначыў, што міжнародная салідарнасць вакол Чарнобыля на працягу дзесяцігоддзяў збліжала ўрады і простых людзей з Беларусі і многіх замежных дзяржаў, стала найлепшым узорам народнай дыпламатыі і дэпалітызаванага міжнароднага супрацоўніцтва.

Ю.Амбразевіч таксама прыняў удзел у арганізаваным Пастаянным прадстаўніцтвам Казахстана пры ААН пры падтрымцы Упраўлення ААН па пытаннях раззбраення форуме «Перспектывы наступнага агляднага цыкла Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі».

У сваім выступленні дыпламат адзначыў, што, нягледзячы на бягучыя рознагалоссі і падыходы адносна пытанняў міжнароднага парадку дня, «мы ўсе можам пагадзіцца з тым, што ДНЯЗ з'яўляецца ключавым элементам не толькі глабальнага рэжыму нераспаўсюджвання, але і ўсёй сістэмы міжнароднай бяспекі».

7 снежня 2022 г. намеснік кіраўніка беларускага знешнепалітычнага ведамства  прыняў удзел у арганізаваным на пляцоўцы ААН Рэспублікай Беларусь сумесна з Рэспублікай Філіпіны круглым стале па тэме «Сацыяльныя і прававыя праблемы, якія падсілкоўваюць гандаль жанчынамі і дзецьмі».

Сярод удзельнікаў мерапрыемства былі прадстаўнікі дзяржаў-членаў ААН з усіх рэгіёнаў свету, уключаючы членаў узначаленай Беларуссю ў ААН Групы сяброў, якія аб'ядналіся ў барацьбе з гандлем людзьмі, а таксама шырокае кола прадстаўнікоў акадэмічных колаў, міжнародных і няўрадавых арганізацый.

Выступоўцы адзначылі важны ўклад Беларусі ва ўмацаванне каардынацыі міжнародных намаганняў па барацьбе з гандлем людзьмі, а таксама ўказалі на шэраг практычных праблем і прапанавалі свае рашэнні для больш эфектыўнай сумеснай барацьбы з гэтай злачыннай практыкай.

9 снежня 2022 г. Юрый Амбразевіч правёў сустрэчу з Генеральным сакратаром ААН Антонію Гутэрышам. Абмеркаваны пытанні міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі, негатыўнае ўздзеянне аднабаковых санкцый на глабальную харчовую бяспеку.

Падчас візіта намеснік Міністра таксама правёў сустрэчы са старшынёй Генасамблеі ААН Чабай Кёрэшы, з намеснікам Генеральнага сакратара ААН па палітычных пытаннях і пытаннях мірабудаўніцтва Размары Дзікарла, з намеснікам Генеральнага сакратара ААН, Высокім прадстаўніком па пытаннях раззбраення Ісумі Накаміцу, з намеснікам Генеральнага сакратара ААН, кіраўніком Контртэрарыстычнага ўпраўлення Уладзімірам Варанковым, з намеснікам выканаўчага дырэктара Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) Карынай Хюльсхоф,  з намеснікам Выканаўчага дырэктара Фонду ААН па народанасельніцтве і развіцці (ЮНФПА) Ібам Петэрсенам.

Ю.Амбразевіч правёў брыфінгі перад прадстаўнікамі дзяржаў-членаў Руху недалучэння і краін-удзельніц Групы сяброў у абарону Статута ААН.

Міжнародным партнёрам даведзена пазіцыя Беларусі аб незаконнасці эканамічных санкцый заходніх краін супраць нашай дзяржавы, аб згубнасці іх дзеянняў для глабальнага і рэгіянальнага гандлю, харчовай і авіяцыйнай бяспекі і сістэмы шматбаковай дыпламатыі ў цэлым.

 

Версія для раздрукоўкі

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці